Рейтинговые книги
Читем онлайн Расследаванні інспектара Сарвы - Сяргей Белаяр

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 40

На канферэнцыю Ратаўт Сарва ўсё ж такі паспеў: навукова-даследчаму судну «Ферэкід Сіроскі», які стартаваў з месяцавага касмадрома «Новыя гарызонты», спатрэбілася ўсяго восем гадзін руху ў гіперпрасторы для таго, каб дасягнуць Венеры. Аргкамітэт пайшоў інспектару насустрач і дазволіў выступіць, нягледзячы на парушэнне рэгламенту. Тэзісны даклад Сарвы выклікаў бурныя дэбаты.

Калі канферэнцыя скончылася, інспектар накіраваўся ў гасцінічны нумар, збіраючыся азнаёміцца з матэрыяламі, ласкава прадстаўленымі яму аргкамітэтам. Але планы на вечар былі парушаныя — нагадаў пра сябе камунікатар. З упэўненасцю ў тым, што прыйшло чарговае паведамленне ад камісара Айнбунда, Сарва дакрануўся да піктаграмы на сэнсарным экра­не.

— Хм... Кірстаўт Немер... Ратаўт, патрэбна твая дапамога. Прыязджай!.. І што такога ў яго магло здарыцца? — у бліжэйшай перспектыве новых расследаванняў не прадбачылася, так што інспектар мог правесці час з сябрам.

Універсітэцкі музей, у якім працаваў галоўным захавальнікам Немер, знаходзіўся ў суседняй калоніі, названай у гонар заснавальніка Ліліянтальскай абсерваторыі Іагана Іераніма Шротэра.

— Дзвесце пяцьдзясят адзін кіламетр. Падобна на тое, што мяне чакае цікавае падарожжа!

Ведаючы, што Немер ніколі не будзе разыгрываць яго і турбаваць па дробязях, Сарва сабраў рэчы і накіраваўся ў ангар. Дзякуючы шчасліваму збегу абставін, да «Іагана Іераніма Шротэра» адпраўлялася калона. Пасля непрацяглых перамоваў яе старшы даў згоду ўзяць інспектара ў якасці пасажыра.

Зямля Афрадыты — адзін з двух асноўных горных рэгіёнаў Венеры — уяўляла сабой практычна цалкам пакрытую застылай базальтавай лавай паверхню, якую ў многіх месцах перасякалі складкі, расколіны, каньёны і кальцавыя структуры. Усюдыходы рухаліся з чарапашай хуткасцю. На Венеры Сарва быў неаднойчы, таму яе краявіды цікавасці ў яго не выклікалі.

«Іаган Іеранім Шротэр» нічым не адрозніваўся ад тыпавой іншапланетнай калоніі — мінімальныя памеры і максімальны прагматызм.

Як толькі скончылася шлюзаванне, інспектар накіраваўся да таварыша, якога наведваў не­аднойчы. Музей сустрэў Сарву дзелавой мітуснёй, і з рэплік служачых інспектар зразумеў, што фонды папоўніліся новымі экспанатамі, якія патрабавалі каталагізацыі.

Галоўнага захавальніка на месцы не аказалася.

— Не падкажаце, дзе мне знайсці Кірстаўта Немера?

— У шостай зале! — кінуў на хаду адзін з музейных работнікаў, нават не зірнуўшы на Сарву.

Зала № 6 была літаральна завалена кантэйнерамі розных памераў і колераў. Маркіроўка падказвала, што груз прыбыў з Нептуна, Урана, Меркурыя, Сатурна і Марса.

— Кірстаўт?

— Ратаўт! Рады цябе бачыць! — галоўны захавальнік абняў інспектара. — Дзякуй, што прыехаў! Нам не абысціся без тваіх прафесійных якасцяў!.. Два дні таму музей атрымаў з Нептуна бясцэнны артэфакт — «Молат Тора». Ты мог чуць пра яго — артэфакт знайшла археалагічная экспедыцыя прафесара Юлія Екеля тры з паловай месяцы таму падчас раскопак на паўднёвым полюсе ледзянога гіганта.

— Так, нешта такое прыгадваю! — кіўнуў Сарва.

— Спачатку Екель нават вырашыў, што гэта містыфікацыя: прафесар ніяк не чакаў, што сустрэне на Нептуне рэч, якая будзе мець ярка выражаны тэхнагенны характар... Чатырнаццаць дзён таму прафесар прыняў рашэнне асабіста перадаць «Молат Тора» Музею касмічнай экспансіі.

— Хіба артэфакт не ўяўляе навуковага інтарэсу? — здзівіўся інспектар.

— «Молат Тора» бясцэнны ўжо таму, што яго стварыла пазаземная цывілізацыя, якая стаіць на высокім узроўні тэхнічнага развіцця. Пра гэта сведчыць і склад сплаву... На жаль, прарыву ў тэхналогіі дзякуючы артэфакту не дасягнуць. У прынцыпе, «Молат Тора» — гэта ўсяго толькі па-майстэрску апрацаваная металічная даўбешка!.. Раскопкі на Нептуне скончыліся, таму разам з прафесарам Екелем на Венеру вяртаўся і ўвесь склад экспедыцыі. На выхадзе з гіперпрасторавага калідора адбылася аварыя, якая прывяла да гібелі археолагаў...

Сарва тактоўна чакаў працягу. Праз нейкі час Немер цяжка ўздыхнуў і вярнуўся да аповеду:

— Ад «Марка Тэрэнцыя Варона» засталіся толькі абломкі, а «Молат Тора» нейкім цудам ацалеў, — галоўны захавальнік адкрыў адзін з кантэйнераў.

— Гэта і ёсць той самы артэфакт? — кавалак металу дзіўна правільнай формы са слядамі ад агню ляжаў на падушцы з эластычнага пенаполіўрэтану.

— Так. Артэфакт назвалі «Молатам Тора» з прычыны таго, што ён падобны да Мьёльніра з саг старажытных германцаў і скандынаваў. Згодна з іх вераваннямі, молат для бога-грамабоя Тора быў выраблены цвергамі Брокам і Сіндры, калі яны спрачаліся з Локі пра майстэрства кавалёў. Кароткае дзяржальна — гэта вынік спробы Локі-ашуканца перашкодзіць вырабу молата... Згодна з афіцыйнай версіяй, выбух гіперпрывода адбыўся ў выніку таго, што гексафтарыд серы патрапіў у актыўную зону рэактара і актывацыя сістэмы аварыйнай абароны была запозненай... Няшчасны выпадак.

— Артэфакт на месцы. Расследаванне абставін аварыі праведзена... Кірстаўт, я не разумею, у дапамозе якога кшталту ты маеш патрэбу!

— Я падазраю, што «Молат Тора» — падробка!

— Дазволь пацікавіцца, якія падставы ў твайго пераканання? — інспектар прыняў словы галоўнага захавальніка з усёй сур'ёзнасцю.

— Наўрад ці я здолею рацыянальна ўсё аргументаваць, Ратаўт. Лічы гэта голасам падсвядомасці!

— Баюся, камісару Айнбунду для дазволу пачаць расследаванне аднаго толькі голасу падсвядомасці, хай і навукоўцы з сусветным імем, будзе недастаткова. Вось калі б у мяне меліся падставы аспрэчыць заключэнне Камісіі...

— Я павінен звярнуцца з заявай?

— Такі парадак, Кірстаўт! Выключэнне складаюць выпадкі, калі злачынства адбылося на вачах дэтэктыва. Разгляд можа заняць пэўны час. Будзе лепш, калі я звярнуся да начальніка Дэпартамента асабіста! — Сарва дастаў камунікатар і адправіў паведамленне камісару. — Мне могуць спатрэбіцца ўсе матэрыялы, якія датычацца артэфакта.

— Даных мала: вялікая частка інфармацыі была страчаная падчас аварыі «Марка Тэрэнцыя Варона».

— Абсталяванне для сістэмнага аналізу ў музеі ёсць?

— Ва ўніверсітэцкіх лабараторыях маецца ўсё неабходнае. Цяпер — канікулы, так што перашкаджаць ніхто не будзе... Ты мне вельмі дапаможаш, Ратаўт! — Немер адчуў палёгку.

Інспектар акуратна выцягнуў «Молат Тора» і пачаў разглядаць яго з дапамогай вялікай лупы.

— Тонкая работа! Якасць выканання кажа пра тое, што артэфакт відавочна выраблены прамысловым спосабам... Вось і сляды ад формы! Агульны стан «Молата Тора» сведчыць пра тое, што ён на працягу доўгага часу знаходзіўся ва ўмовах агрэсіўнага асяроддзя, а затым быў пахаваны пад тоўстым слоем грунту.

— Артэфакт знайшлі выпадкова — адна са сцен шурфа абвалілася пасля таго, як непадалёк ад раскопак праехаў шматтонны ўсюдыход. «Молат Тора» быў пахаваны на глыбіні васьмі метраў.

— Значыцца, артэфакту больш за тысячу гадоў?.. Не такі ўжо ён і старажытны!

— Насамрэч нашмат старэйшы: прафесар Екель ацаніў яго ўзрост у тры мільёны гадоў!

— І за гэты час артэфакт не згубіў сваёй формы? Адна толькі эрозія, выкліканая надзвычай дынамічнай сістэмай штормаў, павінна была ператварыць «Молат Тора» ў пыл.

— Кансервацыі спрыяла высокая доля лёду на паверхні Нептуна. Нездарма ж планету адносяць да асобнай катэгорыі «ледзяных гігантаў».

Сарва працягваў агляд да таго часу, пакуль не прыйшло паведамленне ад Айнбунда.

— Дазвол атрыманы!.. Вядзі ў лабараторыю!

Па дарозе Немер пабываў у рэктараце, дзе заручыўся пісьмовай згодай рэктара.

Лабараторыя была абстаўленая самай сучаснай тэхнікай: мецэнаты і прыватныя карпарацыі грошай на навуку не шкадавалі. Галоўны захавальнік адвёў інспектара ў кабінет загадчыка.

— Знаёмцеся, спадары! Піктурн Галанец! Ратаўт Сарва!.. Інспектару неабходна скарыстацца вашым абсталяваннем, Піктурн Вішутавіч! Вось дакумент!

Галанец прабег па тэксце вачыма, пасля чаго зрабіў запрашальны жэст.

— Вымушаны цябе пакінуць, Ратаўт!

Інспектар узяўся за справу грунтоўна: радыевугляродны аналіз, абсарбцыйная спектраскапія, тэрмагравіметрыя. Немера чакала расчараванне: Сарва не знайшоў нічога, што пацвярджала б версію галоўнага захавальніка.

Каб пераканацца ў тым, што нічога не прапусціў, інспектар звязаўся з паліцэйскім участ­кам, супрацоўнікі якога праводзілі расследаванне абставін гібелі «Марка Тэрэнцыя Варона», і запытаў матэрыялы справы.

— Выходзіць, я дарэмна хваляваўся? — на твары Немера з'явілася палёгка. Аповед Сарвы дазволіў яму нарэшце расслабіцца.

— Мне здаецца, што справа тут зусім не ў артэфакце, а ў хранічнай стомленасці разам з горыччу страты калегі і сябра, Кірстаўт! Падсвядома ты не хочаш змірыцца з новай рэальнасцю.

— Напэўна, ты маеш рацыю, Ратаўт!.. Прабач, што патурбаваў!

— Прашу прабачэння! — інспектар дакрануўся да піктаграмы прыёму выкліку. — Сарва слухае!.. Так, вядома, дасылайце!.. Адбылася памылка пры перадачы аднаго з файлаў, Кірстаўт! Дзе тут камп'ютар з выхадам у Старнет?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 40
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Расследаванні інспектара Сарвы - Сяргей Белаяр бесплатно.
Похожие на Расследаванні інспектара Сарвы - Сяргей Белаяр книги

Оставить комментарий